Беларуская Служба

Перад знікненнем Мельнікавай з падкантрольнага ёй рахунку перавялі грошы на крыптабіржу – «Кіберпартызаны»

24.02.2026 08:59
«Кіберпартызаны» распавялі аб узроўні ўдзелу ў іх праекце экс-спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай.
Анжаліка Мельнікава https://t.me/rada_vision

Па словах актывістаў, з рахунку падкантрольнай ёй некамерцыйнай арганізацыі былі пераведзеныя сродкі на крыптабіржу.

Анжаліка Мельнікава ніколі не з'яўлялася ўдзельнікам групы «Кіберпартызан» і не мела доступу ні да якіх агульных чатаў ці ўнутраных працоўных груп, сцвярджаюць у арганізацыі.

«Мы карысталіся яе паслугамі як чалавека, які зарэгістраваў на сябе некамерцыйную арганізацыю, для атрымання невялікай часткі фінансавых сродкаў, якія ішлі на падтрыманне нашых публічных праектаў», – паведамілі «Кіберпартызаны».

Актывісты адзначылі, што не могуць публікаваць усю вядомую ім інфармацыю па расследаванні знікнення Мельнікавай, аднак падзяліліся некаторымі дэталямі.

«Цяпер можам дапоўніць сітуацыю звесткамі аб тым, што Мельнікава (ці хтосьці з доступам да яе рахункаў) 24 сакавіка 2025 года перавяла сродкі з рахунку НКА Belarus Liberty праз асабісты рахунак у літоўскую крыптабіржу Onlychain Fintech Limited», – распавялі «Кіберпартызаны».

Былая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава знікла ў сакавіку 2025 года. Апошні раз яе бачылі на Шры-Ланцы, куды ў той жа час прыязджаў Аляксей Лабееў – 32-гадовы мужчына, з якім у Мельнікавай былі адносіны і які зʼяўляецца, як высветлілі журналісты, супрацоўнікам Упраўлення ваеннай контрразведкі КДБ.

Люстэрка/ав