Суд у Тбілісі часткова задаволіў іск актывістаў беларускай дыяспары ў Аджарыі на адмову ў наданні статусу ўцекачоў
Тбіліскі гарадскі суд скасаваў рашэнне аб адмове ў наданні палітычнага прытулку мужу і жонцы – актывістам беларускай дыяспары ў Аджарыі і абавязаў Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі паўторна разгледзець іх заяву. Пра гэта паведаміў @pozirkonline праваабаронца Раман Кісляк.
«Ім адмовілі ў прытулку нібыта з-за пагрозы нацыянальнай бяспецы», – сказаў ён.
Паводле слоў Кісляка, на судзе беларусы распавялі, што яны прадстаўнікі дыяспары.
«Усё ж суддзя прыслухалася да іх аргументаў і часткова адмяніла рашэнне дэпартамента. Часткова, бо адмяніла, але не абавязала яго даць статус уцекача, абавязаўшы толькі паўторна разгледзець заяву», – падкрэсліў праваабаронца.
Кісляк адзначыў, што гэта ўжо трэцяе падобнае рашэнне пасля яго ўласнай справы і справы адной беларускай журналісткі.
«Гэта пазітыўная тэндэнцыя. Суды слухаюць», – лічыць праваабаронца.
яс