Беларуская Служба

Камітэт абароны журналістаў (CPJ ) патрабуе неадкладна вызваліць журналістаў Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленку

04.03.2026 10:47
Камітэт абароны журналістаў звярнуўся з электронным лістом у Следчы камітэт Беларусі з просьбай пракаментаваць справу Янукевіча і Пакаленкі, але не атрымаў адказу.
Ілюстрацыйнае фотаScreenshot z https://cpj.org/

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) паведамляе, што міжнародныя журналісцкія арганізацыі выступілі з заявай да ўладаў Беларусі аб неадкладным вызваленні журналістаў Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленку.

«Камітэт абароны журналістаў глыбока шакаваны 14- і 12-гадовымі тэрмінамі пазбаўлення волі, вынесенымі Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку», — заявіла Ганна Браха, старшая навуковая супрацоўніца Камітэта абароны журналістаў у Еўропе і Цэнтральнай Азіі. 

Такі прысуд быў агучаны 26 лютага 2026 года ў Брэсцкім абласным судзе. Сутнасць абвінавачання дагэтуль невядомая. Судовы працэс над медыяменеджарамі праходзіў у закрытым рэжыме.

«Гэты прысуд прызначаны для таго, каб замацаваць атмасферу тэрору вакол незалежных СМІ ў краіне. Улады павінны неадкладна вызваліць Янукевіча і Пакаленку разам з усімі зняволенымі журналістамі», — дадала прадстаўніца CPJ.

Суд таксама прызначыў Уладзіміру Янукевічу 3000 базавых велічыняў (135 тысячаў рублёў) штрафу на карысць дзяржавы, Андрэю Пакаленку — 1000 базавых велічыняў (45 тысячаў рублёў) штрафу. Таксама ёсць інфармацыя пра вялізнае агульнае спагнанне ў памеры каля 200 тысячаў рублёў.  

«Быццам пазбаўлення свабоды было недастаткова, яны яшчэ і знішчаюць іх фінансава», — заявіла CPJ крыніца, блізкая да справы, на ўмовах ананімнасці, баючыся помсты.

Камітэт абароны журналістаў звярнуўся з электронным лістом у Следчы камітэт Беларусі з просьбай пракаментаваць справу Янукевіча і Пакаленкі, але не атрымаў адказу.

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў/юл