У лютым 2026 года памерла палітзняволеная Алена Панкова. Пра смерць паведаміў сябар сям’і, адзначыўшы, што гэта адбылося нечакана. Улетку 2025 года жанчыну прызналі вінаватаю паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу – за ўдзел у пратэсных маршах, паведамляе «Наша Ніва».
Справу разглядалі ў судзе Кастрычніцкага раёну Мінску. Панковай прызначылі пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі» – абмежавання волі без скіравання ў папраўчую ўстанову з абавязковым кантролем і строгім рэжымам перамяшчэнняў: з дому на працу і назад.
Прычыны смерці пакуль не агучваюцца. Невядома таксама, ці скардзілася жанчына на стан здароўя. Пры гэтым вядома, што для людзей, якія адбываюць «хатнюю хімію», наведванне доктара часта патрабуе дадатковых узгадненняў і дазволаў.
Алена Панкова была географкаю, любіла падарожжы, паходы, жывёлу і займалася вязаннем. Паводле BELPOL, у яе застаўся 18-гадовы сын.
эж