Беларуская Служба

Ціханоўская: У Трампа ёсць рычагі, каб вызваліць беларускіх палітвязняў

16.03.2026 16:25
Ужо на гэтым тыдні ў Мінск прыедзе адмысловы пасланнік ЗША ў Беларусі Джон Коўл - СМІ.
Святлана Ціханоўская ў студыі Беларускай службы Польскага радыёКрыніца: Беларуская служба Польскага радыё/Барыс Судзін

Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская ў сацсетцы X звярнулася да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і ягонага адмысловага пасланніка Джона Коўла датычна магчымага вызвалення беларускіх палітвязняў.

Святлана Ціханоўская адзначыла, што высока цэніць іхныя намаганні датычна «забеспячэння вызвалення палітычных закладнікаў у Беларусі», паведамляе «Белсат».

— У Злучаных Штатаў ёсць рычагі ўплыву, каб дапамагчы гэтаму ажыццявіцца. Гаворка ідзе пра выратаванне жыццяў людзей. Кожны дзень мае значэнне, — падкрэсліла яна.

Як паведамляе літоўскі партал Delfi.lt са спасылкаю на ўласныя крыніцы, ужо на гэтым тыдні ў Мінск прыедзе адмысловы пасланнік ЗША ў Беларусі Джон Коўл. Усе папярэднія ягоныя візіты ў беларускую сталіцу былі звязаныя з вызваленнем палітвязняў.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ЗША і Беларусь абмяркоўваюць вызваленне палітвязняў, хоць адначасова заявіў, што ў Беларусі «палітычных» крымінальных артыкулаў нібыта няма.

вс