Беларуская Служба

У 2025 годзе Расія перадала Беларусі 225 чалавек для крымінальнага пераследу

16.03.2026 19:07
У расійскай базе значацца беларускія добраахвотнікі, блогеры, журналісты, сваякі як былых палітвязняў, так і палітыкаў у эміграцыі.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

225 асоб, «абвінавачаных і асуджаных за ўчыненне злачынстваў», перадала Беларусі Расія ў 2025 годзе, паведаміла Генеральная пракуратура РФ.

Беларусь за год экстрадавала ў Расію 33 чалавекі, інфармуе партал «Позірк».

Усе гэтыя асобы, як заяўляецца, «спрабавалі ўхіліцца ад адказнасці, хаваючыся на тэрыторыі іншых дзяржаў».

Адзначаецца, што ў асноўным яны здзейснілі крадзяжы, махлярствы і рабаванні, замахі на жыццё і здароўе людзей, парушэнні парадку кіравання транспартнымі сродкамі, злачынствы супраць правасуддзя і правапарушэнні, звязаныя з бяспекай на дарогах і транспарце.

13 лютага 2024 года паведамлялася, што ў базе вышуку МУС РФ фігуруюць імёны 3 тыс. 186 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі, да мая ў базу дадалі яшчэ больш за 400 грамадзян Беларусі. Пасля гэтага база пастаянна папаўняецца.

У красавіку 2025 года паведамлялася, што за папярэднія пяць месяцаў на запыт беларускіх уладаў у базу вышуку МУС Расіі было ўключана больш за 1 тыс. 200 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі. 58 з іх, як адзначалася, у Беларусі былі асуджаныя ў рамках палітычна матываваных крымінальных спраў.

У расійскай базе значацца беларускія добраахвотнікі, блогеры, журналісты, сваякі як былых палітвязняў, так і палітыкаў у эміграцыі.

У 2024 годзе ў Расіі затрыманыя 964 чалавекі, якія адшукваюцца ў Беларусі за здзяйсненне злачынстваў, паведамляў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Іван Кубракоў.

вс