У палку Каліноўскага паведамілі аб цырымоніі ўзнагароджання байцоў узнагародамі і адзнакамі Міністэрства абароны Украіны.
— Сёння, на Дзень Волі, у Запарожжы адбылася ўрачыстасць узнагароджвання ваяроў Палка Каліноўскага. Гэта вялікі гонар для беларускіх добраахвотнікаў. Віншуем пабрацімаў! І віншуем усіх беларусаў з Днём Волі!», — адзначаецца ў паведамленні.
У палку ўдакладнілі, што за баявыя заслугі і асабістую мужнасць, праяўленыя ў баях, беларускія добраахвотнікі атрымалі адзнакі міністра абароны — вайсковы крыж, крыж доблесці і жалезны крыж, ведамасныя ўзнагароды за баявыя заслугі. Беларускія байцы таксама атрымалі медаль Рады БНР за баявыя заслугі.
Тым часам у Вярхоўнай Радзе Украіны міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднанне «За дэмакратычную Беларусь» з трыбуны павіншавалі беларусаў з Днём Волі. У той час, пакуль зачытвалі адпаведную заяву дэпутаты трымалі бел-чырвона-белы сцяг.
У заяве дэпутаты прапанавалі ўраду Украіны разарваць дыпламатычныя дачыненні з Беларуссю, прызнаць Беларусь акупаванай Расіяй тэрыторыяй, а таксама перадаць памяшканне амбасады дэмакратычным сілам краіны.
—Мы верым, што хутка над вольным Мінскам зноў будзе лунаць бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг, а мяжа паміж нашымі краінамі стане мяжой паміж дзвюма свабоднымі еўрапейскімі нацыямі, — адзначылі дэпутаты.
Свабода/ав