У Вільні адбылася прэм’ера дакументальнага фільма Bialiatski/Unbroken, прысвечанага беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму. Паказ прымеркавалі да 30-годдзя Праваабарончага цэнтра «Вясна».
Над стужкай цягам трох гадоў працавала літоўская каманда на чале з рэжысёрам Эймантасам Беліцкасам. Сцэнар напісала Александрына Глагольева, музыку для фільма бясплатна прадаставіў Андрыюс Мамантовас. Аўтары падкрэсліваюць: карціна адрасаваная не толькі беларусам, бо за мяжой пра гісторыю Бяляцкага і беларускі праваабарончы рух часта ведаюць няшмат. Стваральнікі плануюць падаваць фільм на вядучыя еўрапейскія фестывалі.
Фільм пабудаваны як назіранне за міжнароднай праваабарончай супольнасцю. Галоўную аповедную лінію нясуць Наталля Пінчук, жонка Бяляцкага, і яго калега Саша Кулаева. Праз іх успаміны і штодзённасць раскрываецца чалавечае вымярэнне гісторыі — жыццё побач з палітвязнем і доўгія гады салідарнасці.
У стужцы таксама з’яўляецца вядомы праваабаронца з Блізкага Усходу Набіл Раджаб. Праз яго досвед аўтары паказваюць сувязі і падтрымку паміж зняволенымі ў розных краінах — у тым ліку праз ліставанне «з турмы ў турму». Геаграфія фільма выходзіць за межы Беларусі, закранаючы іншыя краіны і падкрэсліваючы глабальны характар салідарнасці.
Асобнае месца займаюць архіўныя кадры — суд 2011 года, вызваленне, а таксама працэс 2023 года. Аўтары свядома паказваюць кантраст паміж першым і другім зняволеннем Бяляцкага — тым, наколькі змяніліся магчымасці публічнай падтрымкі і доступ да інфармацыі.
Падчас завяршэння мантажу стала вядома пра вызваленне Бяляцкага, што надало фільму нечаканую завершанасць. Сам праваабаронца прызнаўся, што нічога не ведаў пра здымкі да выхаду на волю, і выказаў надзею, што стужка дапаможа свету лепш зразумець сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і важнасць міжнароднай салідарнасці.
нг