Беларуская Служба

BBC назвала прызнанне свайго сайта ў Беларусі «экстрэмісцкім» крыміналізацыяй незалежнай журналістыкі

02.04.2026 17:03
«BBC з’яўляецца адной з найбольш аўтарытэтных крыніц міжнародных навін, і мы застаёмся адданымі нашай аўдыторыі ў Беларусі»
BBC
BBCPAP/EPA/ANDY RAIN

Брытанская грамадская медыякарпарацыя BBC выказала глыбокую занепакоенасць у сувязі з уключэннем сайта рускай службы BBC у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі, паведамляе «Позірк».

У заяве падкрэсліваецца, што гэта рашэнне можа мець наступствы для «сотняў тысяч жыхароў Беларусі», якія штотыдзень звяртаюцца да BBC па дакладную і бесстароннюю інфармацыю. У кампаніі адзначылі, што рашуча адхіляюць гэты крок беларускіх уладаў і лічаць яго спробай крыміналізаваць незалежную журналістыку.

— BBC з’яўляецца адной з найбольш аўтарытэтных крыніц міжнародных навін, і мы застаёмся адданымі нашай аўдыторыі ў Беларусі, — гаворыцца ў заяве вяшчальніка.

Пра прызнанне кантэнту сайта «BBC News Русская служба» «экстрэмісцкім» стала вядома 30 сакавіка. Адпаведнае рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Магілёва, пасля чаго рэсурс быў уключаны ў спіс Міністэрства інфармацыі Беларусі.

эж