Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: «Дзень яднання» — цынічны сімвал страты незалежнасці

02.04.2026 15:33
«Беларусам не патрэбнае такое «яднанне». Нам патрэбная незалежная краіна, якая сама вызначае сваю будучыню».
Святлана Ціханоўская.

Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская раскрытыкавала 2 красавіка так званы дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Паводле яе, гэта «ледзь не самае цынічнае свята», за якім хаваецца паступовае размыванне беларускай ідэнтычнасці і суверэнітэту.

Яна адзначыла, што ідэя «адзінага народа», якую прасоўвае Крэмль, фактычна зводзіцца да дамінавання рускай культуры і гісторыі.

— Беларуская мова падаецца як дыялект, культура — як дадатак, а гісторыя — як частка «вялікай рускай», — падкрэсліла Ціханоўская.

Палітык нагадала, што Беларусь мае ўласную еўрапейскую традыцыю — ад Статута ВКЛ і магдэбургскага права да спадчыны Скарыны. Паводле яе, цяперашняя прысутнасць Расіі ў Беларусі — не пра сяброўства, а пра палітычную залежнасць, якую ўлады падтрымліваюць дзеля захавання дыктатуры.

— Беларусам не патрэбнае такое «яднанне». Нам патрэбная незалежная краіна, якая сама вызначае сваю будучыню, — заявіла Ціханоўская.

эж