Беларуская Служба

Трамп не згадзіўся на 45-дзённае спыненне агню ў вайне з Іранам

06.04.2026 21:01
Прапанова аб 45-дзённым спыненні агню і адкрыцці Армузскага праліва была падрыхтаваная пасярэднікамі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп PAP/EPA/JIM LO SCALZO

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адхіліў 45-дзённае спыненне агню ў вайне з Іранам, паведаміла ў панядзелак тэлекампанія CNN са спасылкай на прадстаўніка Белага дома. Пра гэта інфармуе Польскае агенцтва друку PAP.

Прапанова аб 45-дзённым спыненні агню і адкрыцці Армузскага праліва была падрыхтаваная пасярэднікамі. План быў накіраваны ў ЗША і Іран у нядзелю ўвечары.

Прадстаўнік Белага дома заявіў, што Трамп адхіліў гэтую прапанову. «Гэта адна з многіх ідэй», – сказала крыніца, якая цытуецца CNN.

Прапанова была накіраваная міністру замежных спраў Ірана Абасу Арагчы і пасланцу ЗША Стыву Ўіткафу. Аўтары прапановы спадзяваліся, што 45-дзённае спыненне агню дасць магчымасць пачаць перамовы аб заканчэнні вайны.

Як адзначыла CNN, Іран, як відаць, таксама адхіліў гэтую прапанову, баючыся, што спыненне агню дазволіць яго праціўнікам падрыхтавацца да працягу вайны.

Аднак пасярэднікі спадзяюцца, што план удасца рэалізаваць да заканчэння тэрміну ўльтыматума Трампа, які завяршаецца ў аўторак а 20:00 (а 2:00 ночы з аўторка па сераду па варшаўскаму часе, мінскі час – 03:00 – рэд). Трамп прыгразіў, што калі Іран не адкрые Армузскага праліву да гэтага часу, ён страціць усе свае электрастанцыі і масты.

Пакістан, Егіпет і Турцыя выступаюць у якасці пасярэднікаў у канфлікце, але мірныя перамовы зайшлі ў тупік за апошні тыдзень.