Беларуская Служба

Сацыяльнай палітыкай у АПК будзе займацца медык, былая ўдзельніца палка Каліноўскага

08.04.2026 14:22
Яна завочна асуджаная ў Беларусі па палітычных матывах да 18 гадоў пазбаўлення волі.
 .
Анастасія Махамет.Фота: Аб'яднаны Пераходны Кабінет

Намесніцай прадстаўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай прызначаная ветэран вайны ва Украіне і медык Анастасія «Север» Махамет. Яна будзе займацца кірункам працы з добраахвотнікамі і іх сем'ямі.

Кандыдатуру намесніцы ўзгадніла кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская ў адпаведнасці з зацверджанай працэдурай.

— Кірунак працы з добраахвотнікамі вельмі важны для нашага прадстаўніцтва і ўсяго Аб'яднанага Пераходнага Кабінета ў цэлым. І я вельмі рада, што ім зоймецца Анастасія, якая мае адпаведны досвед і ўцягнутасць у тэму, — адзначыла Вольга Зазулінская.

Анастасія «Север» Махамет паходзіць з Івацэвічаў, мае медычную адукацыю і досвед працы медыкам. Удзельніца мірных пратэстаў 2020–2021 гг. З'яўляецца адным з заснавальнікаў незалежнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У канцы 2021 года была вымушана пакінуць краіну, не скончыўшы інтэрнатуры.

Пасля пачатку поўнамаштабней агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны ў 2022 годзе далучылася да палка імя Кастуся Каліноўскага, займала пасаду камандзіра медыцынскай роты, забяспечвала арганізацыю медыцынскай дапамогі і эвакуацыю параненых у зоне баявых дзеянняў. У 2025 годзе завяршыла вайсковую службу па стане здароўя, мае статус ветэрана, баявыя ўзнагароды.

Завочна асуджаная ў Беларусі па палітычных матывах да 18 гадоў пазбаўлення волі.

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі

нг