— Нарэшце атрымалася знайсці мой пашпарт. Чамусьці ў Мінску — у СІЗА-1. Разам з пашпартам знайшліся і мае турэмныя рэчы, сярод якіх — судовы вырак і рашэнне апеляцыйнай інстанцыі. Цікавыя дакументы для будучых даследчыкаў ці следчых. Таксама ёсць рашэнне «суда», якое забараняе мне пакідаць краіну і (які жах!) наведваць казіно, — напісаў палітык у тэлеграм-канале STATKEVICH M.
Увечары 19 лютага стала вядома, што на волю выйшаў палітвязень Мікола Статкевіч. У палітыка, як паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч, быў інсульт.
У інтэрв'ю LRT яна распавяла, што Статкевіч вярнуўся «без эпікрызу ці якой-небудзь выпіскі з медыцынскіх дакументаў».
— Гэта стварае вялікія праблемы для аператыўнага аказання медыцынскай дапамогі. Магу толькі сказаць, што сёння ён выглядае і адчувае сябе лепш, чым у той момант, калі я ўбачыла яго ў турэмным шпіталі ўпершыню за тры гады і амаль восем месяцаў, — падзялілася жонка палітыка.
Прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што той вызваліў Статкевіча пасля «шматлікіх зваротаў сваякоў — жонкі, родных — з просьбамі адпусціць асуджанага дадому, каб мець магчымасць даглядаць яго.
Мікалая Статкевіча першы раз вызвалілі 11 верасня 2025 года і ў групе 52 зняволеных спрабавалі выправадзіць з краіны. Палітык стаў адзіным з гэтай групы, хто не перасек мяжу Беларусі і Літвы. Некаторы час Статкевіча можна было бачыць на здымках з камераў на мяжы, потым яго ў невядомым накірунку павезлі людзі ў масках.
З афіцыйнага адказу МУС, які атрымала Марына Адамовіч у лістападзе 2025 года, высветлілася, што ён працягнуў адбываць пакаранне за кратамі. Гэта быў першы афіцыйны адказ за два з паловай месяцы пошукаў. Аднак дзе менавіта знаходзіўся палітык, жанчыне так і не паведамілі. У ВК-13 у Глыбокім таксама адмаўляліся пацвердзіць, што Статкевіч у іх.
На адкрыцці паліклінікі ў Мінску 3 траўня Лукашэнка заявіў, што калі б «Статкевіч не вярнуўся — яго ўжо б пахавалі».
Люстэрка/ав