Беларуская Служба

З пераліку таленавітай моладзі цяпер будуць выключаць за навучанне за мяжой і датычнасць да «экстрэмізму»

16.04.2026 13:02
Пастанову ўхвалілі 2 красавіка. Яна набыла юрыдычную моц з 16 красавіка, калі яе тэкст афіцыйна апублікавалі.
Здымак мае ілюстрацыйны характарAlexas_Fotos /pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства адукацыі Беларусі змяніла парадак фармавання, вядзення і выкарыстання банкаў звестак таленавітай моладзі, прадстаўнікі якой маюць ільготы або атрымліваюць стыпендыі Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе «Свабода» са спасылкай на пастанову, апублікаваную на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі.

Як адзначаецца ў пастанове, цяпер дадалі яшчэ шэсць падставаў, каб выключыць чалавека з спісу. Сярод іх:

— адлічэнне з навучання;

— атрыманне адукацыі або дзейнасць за межамі Беларусі, з выняткам тых, каго дзяржава накіравала на такое навучанне або ў службовую камандзіроўку;

— атрыманне ад замежных дзяржаваў дакументаў, якія даюць права на льготы або перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасцю, і адпаведна — за карыстанне такімі льготамі;

— за злачынствы «экстрэмісцкай» накіраванасці, цяжкія або асабліва цяжкія злачынствы;

— за адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаныя з парушэннямі парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, з прапагандай або публічнай дэманстрацыяй і распаўсюдам нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі;

— за іншыя дзеянні, якія наносяць шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам і накіраваныя на дыскрэдытацыю і непаважлівае стаўленне да дзейнасці фондаў.

Цяпер прадстаўнікоў адоранай і таленавітай моладзі, уключаных у адпаведныя пералікі, заахвочваюць рознымі льготамі пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, матэрыяльнымі выплатамі, наданнем жылога памяшкання ў інтэрнаце, магчымасцю выбару першага працоўнага месца і прызначэннем стыпендыяў Аляксандра Лукашэнкі з яго спецыяльных фондаў.

Цяпер дзейнічаюць два спецыяльныя фонды — падтрымкі таленавітай моладзі і сацыяльнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў, створаныя ў студзені 1996 году двума рознымі ўказамі Аляксандра Лукашэнкі.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, за кошт сродкаў першага фонду заахвочванні атрымалі 4 518 грамадзян і 359 калектываў, а другога — 41 943 навучэнцы і студэнты, 4066 педагагічных і навуковых супрацоўнікаў, якія зрабілі асаблівы ўнёсак у развіццё здольнасцяў адоранай моладзі.

Пастанову ўхвалілі 2 красавіка. Яна набыла юрыдычную моц з 16 красавіка, калі яе тэкст афіцыйна апублікавалі.
14 красавіка стала вядома, што Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў зварот Генеральнай пракуратуры і прызнаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт разам з усімі яго структурнымі падраздзеламі «экстрэмісцкай» арганізацыяй. З агульнага ліку студэнтаў — чвэрць з Беларусі.

аз

ЕГУ прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй

14.04.2026 15:08
У жніўні сацсеткі ЕГУ былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.