Беларуская Служба

Мінадукацыі Літвы назвала парушэннем акадэмічнай свабоды рашэнне Беларусі прызнаць ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй»

16.04.2026 15:14
Рашэнне беларускіх уладаў асудзілі, між іншым, Еўрапейская служба знешніх дзеянняў, а таксама МЗС Украіны, Швецыі, Эстоніі.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Як «грубае парушэнне акадэмічнай свабоды, адмаўленне аўтаноміі ўніверсітэтаў, а таксама абмежаванне правоў і свабод чалавека» расцаніла Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы «беспрэцэдэнтнае рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі» ад 14 красавіка абвясціць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ), што працуе ў Вільні, «экстрэмісцкай арганізацыяй», паведамляе «Позірк».

— Заклікаем акадэмічную супольнасць Літвы і міжнародную акадэмічную супольнасць адназначна і ясна асудзіць гэтае рашэнне як несумяшчальнае з асноватворнымі прынцыпамі акадэмічнай свабоды і правоў чалавека, выказаць цвёрдую і недвухсэнсоўную падтрымку супольнасці ЕГУ і актыўна абараняць акадэмічную свабоду як фундаментальную каштоўнасную ўстаноўку акадэмічнай супольнасці, якая не можа быць абмежаваная палітычнымі рашэннямі ці ідэалагічнымі інтарэсамі, — прыводзіць ведамства словы міністра Рамінты Папавене.

У заяве адзначаецца, што ЕГУ, працуючы ў Літве «ва ўмовах выгнання», ставіць перад сабой мэту «развіваць грамадзянскую супольнасць праз сучасную адукацыю ў галіне свабодных мастацтваў і гуманітарных навук».

Міністэрства мае намер звярнуцца «ў Еўрапейскую камісію і да адказных за вышэйшую адукацыю міністраў дзяржаў Еўрасаюза з заклікам праявіць салідарнасць і сумесна асудзіць гэтыя дзеянні, скіраваныя супраць акадэмічнай супольнасці».

15 красавіка міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс назваў «абуральным» рашэнне Мінска абвясціць ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Асудзілі згаданае рашэнне беларускіх уладаў Еўрапейская служба знешніх дзеянняў, а таксама знешнепалітычныя ведамствы Украіны, Швецыі, Эстоніі.

аз

ЕГУ прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй

14.04.2026 15:08
У жніўні сацсеткі ЕГУ былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.