Беларуская Служба

Латвійскія памежнікі выцягнулі з Заходняй Дзвіны плыт з кантрабандай з Беларусі – другі раз за апошні тыдзень

18.04.2026 18:11
Распачатая справа па артыкуле «Злачынствы супраць нацыянальнай эканомікі».
Латвійская мяжаКрыніца: facebook.com/rs.gov.lv

Плыт з беларускімі кантрабанднымі цыгарэтамі, што плыў па Заходняй Дзвіне, быў знойдзены 16 красавіка ў Краслаўскім краі Латвіі – у Піедруйскай воласці, якая мяжуе з Верхнядзвінскім, Мёрскім і Браслаўскім раёнамі Віцебскай вобласці (з апошнімі дзвюма мяжа праходзіць па згаданай рацэ). Пра гэта паведамляе «Позірк».

Супрацоўнікі латвійскай Дзяржаўнай памежнай аховы, як паведамляе прэс-служба ведамства, заўважылі падазроны прадмет, калі абследавалі раку ўздоўж мяжы на маторнай лодцы. Памежнікі вынялі плыт, зроблены з дзвюх камер трактарных шын, і праверылі груз – абгорнутыя поліэтыленавай плёнкай скруткі. У іх выявілася больш за 62 тыс. цыгарэт (3 тыс. 103 пачкі) NZ Gold Superslim з беларускімі акцызнымі маркамі.

Знаходку перадалі паліцыі. Распачатая справа па артыкуле «Злачынствы супраць нацыянальнай эканомікі».

Гэта другі такі выпадак за апошні тыдзень. 10 красавіка памежнікі выцягнулі з Заходняй Дзвіны выраблены такім жа чынам плыт, які транспартаваў 66 тыс. 120 цыгарэт (3 тыс. 306 пачкаў) NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі.

вс