Беларуская Служба

У Наваполацку за «сувязі з экстрэмістамі» затрымалі як мінімум 12 жанчын

29.04.2026 14:43
З усіх жанчын узялі падпіскі аб нявыездзе і неразгалошванні.
 ,
МУС Беларусі, міліцыяздымак з адкрытых крыніц

23 красавіка ў горадзе былі затрыманы не менш за 12 жанчын. Ва ўсіх дома праведзены ператрусы, некалькі чалавек адразу адвезлі ў віцебскі СІЗА, астатніх дапытвалі ў Наваполацку. З іх 8 чалавек адпусцілі тым самым вечарам  паведамляе Тэлеграм-канал «Віцебская вясна».

У адной з затрыманых знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы, яе пратрымалі пад вартай трое сутак і ў мінулы панядзелак асудзілі да адміністрацыйнага штрафа. Вядома, што на ўчорашні дзень прынамсі 2 жанчыны заставаліся за кратамі.

З усіх жанчын узялі падпіскі аб нявыездзе і неразгалошванні. Аднак, паводле некалькіх іншых крыніц, затрыманні былі звязаныя з культурніцкімі праектамі і сталі наступствам таго, што 9 красавіка МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» шэраг культурніцкіх ініцыятыў. Пра гэта было абвешчана толькі 24 красавіка, а затрыманні адбыліся напярэдадні. Прычым не толькі ў Наваполацку: вядома, што 3-х жанчын 23 красавіка затрымалі ў Барысаве, яшчэ некалькі — у Слоніме, Брэсце і Жодзіна.

нг