Украіна ўвяла новы пакет санкцый супраць Беларусі. Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Абмежаванні закранулі 11 беларускіх кампаній і 16 фізічных асобаў, якіх Кіеў лічыць датычнымі да падтрымкі расійскай агрэсіі, чытаем на reform.news.
Пад санкцыі трапілі прадпрыемствы, звязаныя з ваеннай вытворчасцю, у тым ліку тыя, што вырабляюць кампаненты для артылерыйскіх снарадаў і рамонту тэхнікі. У спісе — «Ольса», «Тэрмапласт», Кузнечны завод цяжкіх штамповак, а таксама іншыя прадпрыемствы авіяцыйнай і радыётэхнічнай сферы.
Сярод фізічных асобаў — блізкі паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман, а таксама сыны дыктарара Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі. Паводле ўкраінскага боку, яны ўдзельнічаюць у схемах абыходу міжнародных санкцый, пастаўках тавараў двайнога прызначэння і рээкспарце праз Беларусь.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што санкцыі накіраваныя на зніжэнне ваеннага патэнцыялу Расіі і ціск на яе саюзнікаў. Паводле палітыка, важна не дапусціць далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну і спыніць падтрымку агрэсіі супраць Украіны.
эж