Беларуская Служба

Расія аднавіла пашпартны кантроль на мяжы з Беларуссю, ля КПП часам збіраюцца чэргі

06.05.2026 14:37
Афіцыйна на беларуска-расійскай мяжы няма пашпартнага і мытнага кантролю з 1995 году, але час ад часу Расія вяртае на яе свае КПП.
Расійскія пашпартыфота: Shutterstock/GIOIA PHOTO

Расійскія памежнікі працягваюць фіксаваць пашпартныя дадзеныя ўсіх, хто перасякае мяжу Беларусі і Расіі, паведамляе праваабарончая ініцыятыва Mayday Team.

Праваабаронцы заўважылі гэтую практыку 30 красавіка, апублікаваўшы фатаграфіі перасоўнага КПП. Тады захады ўзмоцненага кантролю тлумачыліся патокам турыстаў, якія павялічыліся напярэдадні доўгіх майскіх святаў, паведамляе «Радыё Свабода».

Па стане на 5 мая на ўсіх КПП захоўваўся той жа рэжым суцэльнага кантролю.
Цяпер расійскія памежнікі ўносяць звесткі вадзіцеляў і пасажыраў у спецыяльную Excel-табліцу, з-за чаго ля КПП час ад часу збіраюцца чэргі. Раней яны проста фатаграфавалі пашпарты, каб пазней перанесці дадзеныя ў табліцу.

Расійскія кантралёры не скрываюць, што ім далі ўказанне весці пастаянны кантроль замежнікаў, якія накіроўваюцца ў Расію, і расіян, якія выязджаюць з краіны. Гэтыя катэгорыі падарожнікаў абавязаныя асабіста падыходзіць да акенцаў на КПП і прад’яўляць дакументы.

Пры гэтым грамадзяне Беларусі, якія выязджаюць з Расіі, памежнікаў цікавяць менш за ўсё — іх часта выпускаюць з РФ без унясення ў табліцу.

Як доўга захаваецца такі рэжым кантролю, не вядома. Расійскія памежнікі не змаглі адказаць на гэтае пытанне, сказаўшы, што гэта «не яны прымаюць рашэнне».

Фармальна на мяжы Беларусі і Расіі знялі кантроль 30 год таму. Афіцыйна на беларуска-расійскай мяжы няма пашпартнага і мытнага кантролю з 1995 году.

Але грамадзянам Расіі і Беларусі пры паездках праз яе неабходна мець пры сабе пашпарт, грамадзяне трэціх краін павінны перасякаць мяжу толькі ва ўстаноўленых пунктах пропуску, маючы візы абедзвюх краін.

Хоць фармальна мяжа Беларусі і Расіі адкрытая, фактычная праверка пашпартоў і іншых дакументаў стала рэгулярнай працэдурай, расійскі бок час ад часу вяртае перасоўныя КПП на мяжу з Беларуссю.

Расія не першы год аднаўляе праверку дакументаў на мяжы з Беларуссю перад майскімі святамі.

вс