Беларуская Служба

Bloomberg: ЗША праз Украіну хочуць аслаблення санкцый супраць беларускага калію

20.05.2026 17:22
Вашынгтон лічыць, што частковае аднаўленне экспарту беларускага калію магло б аслабіць залежнасць Мінска ад Масквы і палепшыць адносіны з беларускімі ўладамі.
 .  .
Калійныя ўгнаенні. Ілюстрацыйны здымак.фота: Pixabay.com/CatKosianok

ЗША заклікаюць Украіну падтрымаць змякчэнне абмежаванняў на імпарт беларускіх калійных угнаенняў і пераканаць у гэтым краіны Еўрасаюза. Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы паведамляе выданне Bloomberg.

Паводле інфармацыі агенцтва, Вашынгтон лічыць, што частковае аднаўленне экспарту беларускага калію магло б аслабіць залежнасць Мінска ад Масквы і палепшыць адносіны з беларускімі ўладамі.

Раней ЗША ўжо скасавалі частку ўласных санкцый супраць беларускіх угнаенняў у рамках дамоўленасцяў, пасля якіх рэжым Аляксандра Лукашэнкі вызваліў сотні палітвязняў.

Аднак без змякчэння еўрапейскіх санкцый эфект гэтых крокаў застаецца абмежаваным. Цяпер Беларусь не можа выкарыстоўваць традыцыйны маршрут экспарту праз літоўскі порт у Клайпедзе і вымушаны залежыць ад расійскай інфраструктуры — партоў і чыгунак.

Ключавую ролю ў магчымым аднаўленні транзіту маглі б адыграць Літва і Польшча. Пры гэтым крыніцы Bloomberg адзначаюць, што ў Еўрасаюзе пакуль няма прыкмет гатоўнасці да змякчэння санкцый супраць Беларусі.

reform.news/эж