Беларуская Служба

«Нічога супрацьзаконнага я не здзяйсняў». Аляксей Хлястоў затрыманы і знаходзіцца на Акрэсціна

22.05.2026 15:22
Аляксей Хлястоў шмат гадоў выступаў на дзяржаўных мерапрыемствах і рэспубліканскіх святах — потым яго ўнеслі ў «чорны спіс».
      .
Спявак Аляксей Хлястоў падчас працы ў таксі. Фота: threads.com/@khlestov

Спевака Аляксея Хлястова затрымалі сілавікі праз два тыдні пасля таго, як той расказаў, што трапіў у забароненыя спісы артыстаў і не можа знайсці працу.

Жонка кажа, што спевака затрымалі, але яна не ведае сутнасці прэтэнзій сілавікоў да яго, паведамляе «Белсат».

— Майго мужа @khlestov сёння затрымалі без тлумачэнняў. І зараз ён знаходзіцца на Акрэсціна. Ён нтчога не парушаў, што наогул адбываецца? Можа хто-небудзь ведае?, — напісала ў сацсетцы Threads Алена Хлястова.

Нагадаем, Аляксей Хлястоў шмат гадоў выступаў на дзяржаўных мерапрыемствах і рэспубліканскіх святах. Потым яго ўнеслі ў «чорны спіс» музыкантаў і гуртоў, чые песні ўлады забараняюць спяваць у караоке ці ўключаць на дыскатэках і іншых мерапрыемствах.

— Мяне як артыста і выкладчыка ні ў якім разе нельга наймаць. Адбылася культура адмены. Я рассылаў рэзюмэ ў розныя кампаніі: выкладчык, прадзюсар, арт-дырэктар — усюды адмовы. Мне ветліва казалі, што не могуць узяць «з пэўных прычын, — казаў спявак YouTube-каналу OPUSHKA.

Нейкі час ён чакаў, «што нешта памяняецца», пакуль не скончылася фінансавая падушка сям'і. Пасля мужчына прыняў рашэнне ісці працаваць у таксі. Ягоны сын таксама працуе ў таксі, а жонка робіць торты.

Пазней на Інстаграм-старонцы спевака з’явілася загадзя запісанае відэа, дзе ён тлумачыць, што яго ўжо тры разы выклікалі на «прафілактычныя гутаркі» да сілавікоў розных інстанцый.

У каментарах да допісаў у Threads акаўнт, звязаны з сілавікамі Беларусі, піша, што Хлястоў нібыта «ігнараваў неаднаразовыя выклікі ў ДАІ для складання пратакола за тое, што кінуў сваё аўто пад знакам» і запэўнівае, што спявак «будзе дома пасля адбыцця пакарання».

вс