Беларуская Служба

Прыгавор экс-кіраўніку Intex-Press Янукевічу пакінуты без зменаў, яго калегу Пакаленку — зменшаны на год

09.06.2026 14:23
Брэсцкі абласны суд вынес прыгавор Янукевічу і Пакаленку 26 лютага 2026 года. 
     ( )
Андрэй Пакаленка і Уладзімір Янукевіч (злева направа) Калаж: БАЖ

Прыгавор былому кіраўніку баранавіцкай незалежнай газеты Intex-Press Уладзіміру Янукевічу — 14 гадоў пазбаўлення волі  пакінуты без змяненняў, яго калегу Андрэю Пакаленку зменшаны з 12 да 11 гадоў.

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), такое рашэнне 8 чэрвеня прыняла калегія Вярхоўнага суда па выніках разгляду іх апеляцыйных скаргаў. Слуханні доўжыліся два дні, паведамляе «Позірк».

Брэсцкі абласны суд вынес прыгавор Янукевічу і Пакаленку 26 лютага 2026 года. Апрача зняволення мужчынам прызначаныя штрафы: першаму  3 тыс. базавых велічынь (135 тыс. рублёў), другому  1 тыс. базавых велічынь (45 тыс.). Абодвум інкрымінавалася «здрада дзяржаве» (арт. 356 КК).

БАЖ таксама паведамляў, што «ёсць інфармацыя аб велізарным агульным спагнанні ў памеры каля 200 тыс. рублёў».

Янукевічу 65 гадоў. Ён быў дырэктарам і галоўным рэдактарам рэгіянальнай газеты Intex-Press. 44-гадовы Пакаленка працаваў у выданні намеснікам дырэктара па развіцці. Пасля ліквідацыі газеты ўладамі медыяменеджары стварылі навінавы рэгіянальны партал bar24.by.

Сайт bar24.by апошні раз абнаўляўся 8 снежня 2024 года. 13 студзеня 2025-га ён перастаў адкрывацца. Незалежных баранавіцкіх журналістаў пераследуюць з 2020 года.

Сёлета у сакавіку Янукевіча і Пакаленку прызналі палітзняволенымі.

Паводле дадзеных БАЖ, зараз за кратамі знаходзіцца 21 прадстаўнік СМІ.

вс