Колькасць беларусаў у Літве працягвае змяншацца. З пачатку 2026 года колькасць беларусаў з дазволамі на жыхарства знізілася з 50 тыс. 286 да 48 тыс. 926 чалавек, паведамляе «Волна» са спасылкай на звесткі Дэпартамента міграцыі.
«Наша Ніва» нагадвае, што на піку літоўскія ДНЖ любога тыпу мелі 62 тыс. 844 беларусы. Так, паводле афіцыйных даных літоўскага Дэпартамента міграцыі, было 1 красавіка 2024 года. Да таго часу лічба беларусаў у Літве з дзейнымі ДНЖ пастаянна расла.
За 2023 год прырост склаў крыху больш за 13 тыс. чалавек, а пікавым быў 2022 год, калі ў Літве дабавілася амаль 18 тыс. грамадзян Беларусі з ДНЖ. За 2021 год дадалося 7 тыс. 600 беларусаў.
А потым пачалося змяншэнне, прычым з 1 красавіка 2024 года па 1 красавіка 2025 года адток беларусаў быў найбольшым — 9 тыс. 105 чалавек, або 15%.
Украінцы застаюцца самай вялікай групай замежнікаў у Літве. На 1 чэрвеня ў краіне налічвалася 78 тыс. 141 грамадзянін Украіны, што крыху больш, чым раней. Агульная колькасць замежнікаў з дзеючымі дазволамі на пражыванне ў Літве за месяц вырасла з 218 тыс. 227 да 220 тыс. 429 чалавек.
З пачатку года прыкметна павялічылася колькасць грамадзян Узбекістана — да 11 тыс. 556 чалавек, Індыі — да 8 тыс. 746, Таджыкістана — да 7 тыс. 151, Філіпін — да 4 тыс. 388 чалавек.
Сярод працоўных дазволаў лідарамі застаюцца беларусы і ўкраінцы, але за імі ўжо ідуць грамадзяне Узбекістана, Таджыкістана і Індыі. Сярод студэнцкіх дазволаў у лідарах Індыя, Пакістан, Бангладэш, Беларусь і Марока.
вс