З пачатку 2024 года з Літвы звыш 13 тыс. беларусаў страцілі дзейны літоўскі дазвол на жыхарства — гэта пятая частка ад колькасці на піку.
Паводле Дэпартамента міграцыі Літвы, у краіне на 1 чэрвеня 2026 года было 48 тыс. 926 грамадзян Беларусі з літоўскім дазволам на жыхарства. Гэта на 253 менш, чым месяцам раней, і на 1 тыс. 360 менш, чым у пачатку года, паведамляе «Белсат».
На 1 студзеня 2024 года ў Літве было 62 тыс. 167 грамадзян Беларусі з літоўскім дазволам на жыхарства. За 2,5 года іх стала на 21,3 % менш.
Беларусы застаюцца другой паводле колькасці групай замежнікаў у Літве. На першым месцы — украінцы, якіх 78 тыс. 100 з літоўскім ВНЖ.
Чаму беларусы знікаюць, Дэпартамент міграцыі не тлумачыць. Вядома, што літоўскае грамадства адначасова адчувае да беларусаў і сімпатыю, і насцярожанасць, а напружанне ў грамадстве адносна беларусаў расце. Але статыстыку вядуць не па колькасці замежных грамадзян на тэрыторыі краіны, а паводле колькасці дзейных дазволаў на жыхарства — магчыма, у часткі зніклых ВНЖ проста скончыўся, а новага яшчэ не выдалі.
Тым часам у Польшчы колькасць беларусаў, магчыма, таксама зменшылася. Так, свежая статыстыка паказала, што на 1 мая ў Польшчы было 137 тыс. 716 грамадзян Беларусі з дзейным дазволам на жыхарства ці міжнароднай абаронай, а на 1 студзеня было 144 тыс. 219. Польшча вядомая доўгім чаканнем легалізацыі замежнікаў.
вс