Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская асудзіла начную атаку Расіі на Кіеў і пашкоджанне Кіева-Пячэрскай лаўры

15.06.2026 14:06
«Для ідэалогіі «рускага свету» не маюць значэння ні жыцці мірных людзей, ні культурная спадчына, ні гістарычная памяць», — заявіла Ціханоўская.
-
Кіева-Пячэрская лаўраPAP/EPA/SERGEY DOLZHENKO

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская пракаментавала начную расійскую атаку на Кіеў, у выніку якой былі пашкоджаныя жылыя дамы, лініі электраперадачы і аб’екты культурнай спадчыны.

Паводле Ціханоўскай, без электрычнасці засталіся каля 140 тысяч чалавек, а сярод ахвяр ёсць мірныя жыхары, дзеці і ратавальнікі. Асобна яна звярнула ўвагу на пашкоджанне Кіева-Пячэрскай лаўры — аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і аднаго з найстарэйшых манастыроў Усходняй Еўропы.

— Для ідэалогіі «рускага свету» не маюць значэння ні жыцці мірных людзей, ні культурная спадчына, ні гістарычная памяць,  заявіла Ціханоўская. Яна таксама адзначыла, што тыя, хто дэкларуе падтрымку «духоўных каштоўнасцяў», «прыносяць ракеты і падпальваюць святыя месцы».

На яе думку, атака на лаўру стала чарговым сведчаннем таго, што расійская агрэсія нясе пагрозу не толькі людзям, але і гісторыка-культурнай спадчыне. Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць супрацьстаяць расійскай імперскай палітыцы і выказала салідарнасць з Украінай.

— Беларусы разам з Украінай у гэты цяжкі час. Сёння як ніколі важна заставацца разам  у абароне свабоды, праўды і ўсяго таго, што расійская агрэсія імкнецца знішчыць,  напісала Святлана Ціханоўская.

ав