Пра ўвядзенне санкцый Еўрапейскага саюза ў дачыненні да беларускага ТАА «Ізавак» – за падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі ва Украіне — стала вядома з публікацыі ў Афіцыйным журнале ЕС за 15 чэрвеня.
Савет ЕС адзначыў, што гэтая беларуская кампанія займаецца распрацоўкай і вытворчасцю абсталявання для вакуумнага напылення, тонкаплёначных тэхналогій, іонных крыніц, тэхналогій распылення і звязанага з імі праграмнага забеспячэння.
Заяўлена, што кампанія ўключаная ў рэестр расійскага вайскова-прамысловага комплексу. У РФ яе інтарэсы прадстаўляе партнёр — ТАА «Інжынірынгавая група», у дачыненні да якога 15 чэрвеня таксама ўведзеныя санкцыі ЕС.
Паводле звестак Еўрасаюза, ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну «Ізавак» і афіляваныя з ёй кампаніі, якія ўваходзяць у аднайменную групу, паставілі расійскім падрадчыкам абароннага сектара прадукцыю прыкладна на 200 млн долараў.
Такім чынам, адзначаецца ў публікацыі, «Ізавак» аказвае матэрыяльную падтрымку расійскаму вайскова-прамысловаму комплексу, у тым ліку ўдзельнічаючы ў распрацоўцы, вытворчасці або пастаўках вайсковага абсталявання і тэхналогій.
Пра тое, што сярод замоўцаў беларускай групы кампаній «Ізавак» выяўленыя прадпрыемствы вайскова-прамысловага комплексу Расіі і ад пачатку вайны ва Украіне ёю было пастаўлена прадукцыі на суму каля 200 млн долараў, гаварылася ў дакладзе Беларускага расследавальніцкага цэнтра летась у красавіку.
24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы зараз актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
Позірк/ав