Беларуская Служба

МЗС Ізраіля абвінаваціла Лукашэнку ў «адраджэнні подлых, састарэлых антысеміцкіх тэорый змовы»

17.06.2026 11:58
У заяве ізраільскага ведамства падкрэсліваецца, што Беларусь добра ведае жахі Халакосту, які адбываўся на яе тэрыторыі
Аляксандр Лукашэнка REUTERS/Турар Казангапаў

Міністэрства замежных спраў Ізраіля рэзка адрэагавала на заявы дыктатара Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрв’ю тэлеканалу Al Arabiya, назваўшы іх «непрымальнымі і глыбока трывожнымі». Пра гэта паведамляе «Позірк».

У заяве ізраільскага ведамства падкрэсліваецца, што Беларусь добра ведае жахі Халакосту, які адбываўся на яе тэрыторыі. Таму любое параўнанне знішчэння яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны з дзеяннямі Ізраіля супраць тэрарызму павінна быць «безумоўна адкінута».

Асобную крытыку ў Ізраілі выклікалі словы Лукашэнкі пра ўплыў «яўрэйскага лобі» ў ЗША. У МЗС заявілі, што такія выказванні фактычна адраджаюць «подлыя і састарэлыя антысеміцкія тэорыі змовы, якія даўно павінны былі застацца ў мінулым».

У інтэрв’ю Лукашэнка таксама сцвярджаў, што Ізраіль нібыта ўцягнуў Злучаныя Штаты ў канфлікт з Іранам і крытыкаваў дзеянні ізраільскага боку ў сектары Газа.

эж