Аляксандр Лукашэнка даручыў забараніць паездкі за мяжу дзіцячых груп без дзяржаўнага нагляду і дазволу. Аб гэтым ён заявіў, згадваючы пра атаку БПЛА на аўтобус з беларускімі грамадзянамі, у тым ліку дзецьмі, у Бранскай вобласці Расіі.
— Я не хачу тут нікога асуджаць, але хачу папрасіць нашых людзей, і асабліва бацькоў, калі мы маем справу з дзецьмі: трэба пасядзець дома гэты час. Трэба займацца футболам і іншымі мерапрыемствамі тут. Тут больш камфортна ў ціхай, спакойнай краіне. І трэба забараніць усялякія паездкі без дзяржаўнага на тое нагляду і дазволу.
Лукашэнка звярнуў увагу на шэраг аспектаў, згадаўшы пра мэту паездкі ў Геленджык групы беларускіх дзяцей.
— Хачу звярнуць увагу на сам факт: бацькі, а яны гэта не адмаўляюць, якія арганізавалі гэтую паездку ці то на адпачынак, ці то для таго, каб трэніраваць дзяцей у Геленджыку. Слухайце, у нас што, не хапае зямлі для таго, каб у футбол гуляць?
Для праезду да месца прызначэння бацькі звярнуліся да прыватнай кампаніі, нанялі аўтобус. Транспартны сродак стаў цэллю атакі дрона. Загінула жанчына, якая суправаджала каманду, чацвёра дзяцей былі параненыя, у тым ліку адно — цяжка. Расійская прапаганда абвінавачвае Украіну ў нападзенні, але ўкраінцы сцвярджаюць, што гэта не быў украінскі дрон.
Беларусы ў сеціве каментуюць трагічную падзею:
Андрэй Стрыжак піша:
— Гэты кейс кажа пра дзве рэчы: нашым дзецям няма чаго рабіць у зоне баявых дзеянняў, а гэта цяпер уся расійская тэрыторыя; на любой вайне гiнe і атрымлівае раненні мірнае насельніцтва, прычын гэтаму маса. Парада бацькам у Беларусі — забудзьцеся пра паездкі вашых дзяцей за ўсходнюю мяжу. Там вaйнa.
У іншым каментарыі адзначаецца:
— Дзіўна. Учора Лукашэнка папрасіў прабачэння за рэзкія словы ў адрас Зяленскага, а сёння раптам у беларускі аўтобус з дзецьмі прыляцела. Супадзенне?
нг