Беларуская Служба

Працягваюць распрадаваць нерухомасць асоб, якія з’ехалі з-за палітыкі за мяжу

18.06.2026 13:27
На таргі выставілі двухпакаёвую кватэру Уладзіміра Хільмановіча. 
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. kp yamu Jayanath/pixabay.com/CC0 Public Domain

На таргі на пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне» паўторна выставілі кватэру гродзенскага журналіста Уладзіміра Хільмановіча. Патэнцыйных пакупнікоў спрабуюць прыцягнуць скідкай на нерухомасць.

На таргі выставілі двухпакаёвую кватэру ў Гродне агульнай плошчай 50 квадратных метраў. Сярод абцяжаранняў указаны арышт следчых органаў і забарона ўчынення рэгістрацыйных дзеянняў. «У кватэры зарэгістраваны адзін паўналетні грамадзянін»,  — паказана ў аб’яве.

Кошт жылля — 100 800 рублёў. Раней кватэру ўжо спрабавалі прадаць на таргах, тады яе кошт быў 126 тысяч рублёў.

Раней Уладзімір Хільмановіч, які знаходзіцца за мяжой, расказваў, што выканаўчы аддзел Ленінскага раёна Гродна накіраваў яму афіцыйны дакумент, у якім указвалася, што кошт кватэры складае 126 тыс. Рублёў. Менавіта на столькі яе ацаніла 25 лютага 2026 года мясцовае аддзяленне «БелЮрЗабеспячэння». Гэта дзяржаўнае прадпрыемства, якое ўваходзіць у сістэму Мінюста і займаецца, акрамя іншага, продажам канфіскаванай і арыштаванай маёмасці з аўкцыёну.

«Люстэрка» нагадвае, што 19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Уладзіміра Хільмановіча вінаватым у садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці і сяброўстве ў «экстрэмісцкай групоўцы». Крымінальная справа супраць журналіста разглядалася завочна.

Яго прыгаварылі да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму і наклалі штраф у памеры 40 000 рублёў. Спробы журналіста абскардзіць вердыкт рэгіянальнага суда аказаліся беспаспяховымі. Як і высветліць, у чым менавіта яго абвінавачвалі. Але сярод рэчавых доказаў следства згадваліся «скрыншоты блога аўтара з артыкуламі», якія суд распарадзіўся «захоўваць разам з матэрыяламі крымінальнай справы». Таму Уладзімір перакананы, што яго пакаралі менавіта за журналісцкую працу.

нг