Беларуская Служба

Украінскія вайскоўцы: З пачатку года значна больш расійскіх БПЛА залятаюць з боку Беларусі

19.06.2026 10:15
Украінцы бачаць серыю падзей, якія даюць падставу меркаваць, што Лукашэнка рыхтуецца да вайны.
   Shahed
Беспілотны лятальны апарат ShahedAnelo/Shutterstock

Украіна ўзмацняе абарону на мяжы з Беларуссю на фоне росту колькасці расійскіх разведвальных беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюць беларускую паветраную прастору. Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, з пачатку года колькасць такіх палётаў павялічылася прыкладна на 20% - піша «The Guardian».

Узводзяцца новыя ўмацаванні: супрацьтанкавыя равы, «зубы дракона», агароджы з калючага дроту. Адначасова з’явіліся паведамленні, што Расія будуе новыя базы для беспілотнікаў каля беларускай мяжы і ўсё больш выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі як паветраны калідор для атак на Украіну.

Украінскія ўлады пакуль не бачаць прыкмет падрыхтоўкі новага сухапутнага наступу з боку Беларусі. Аднак у Кіеве занепакоены тым, што Масква ўсё мацней уцягвае Мінск у вайну праз сумесныя вучэнні, развіццё ваеннай інфраструктуры і падтрымку расійскіх аперацый.

Былы міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што дзеянні Аляксандра Лукашэнкі сёння адрозніваюцца ад сітуацыі 2022 года і могуць сведчыць пра падрыхтоўку да больш актыўнай ролі ў канфлікце. У той жа час шэраг экспертаў сумняваецца, што беларускія войскі будуць непасрэдна ўдзельнічаць у баявых дзеяннях, бо гэта можа мець сур’ёзныя палітычныя наступствы для Лукашэнкі.

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга раней заяўляў, што Расія ператварае Беларусь у платформу для агрэсіі не толькі супраць Украіны, але і супраць Еўропы.

На мяжы ў Чарнігаўскай вобласці ўкраінскія памежнікі кажуць, што рыхтуюцца да любых сцэнарыяў. Паводле іх слоў, сучасная сістэма ўмацаванняў робіць прарыў бранятэхнікі вельмі складаным.

Мясцовыя жыхары таксама адзначаюць рост актыўнасці расійскіх дронаў. Паводле ацэнак аналітыкаў, галоўная пагроза цяпер палягае не ў адкрыцці новага фронту, а ў паступовым паглыбленні ўдзелу Беларусі ў расійскіх ваенных намаганнях. Гэта можа прывесці да больш частых інцыдэнтаў з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі і да павышэння напружанасці ў рэгіёне.

нг