Беларуская Служба

Выстаўлены на продаж яшчэ некалькі ікон, арыштаваных у ксяндза Генрыха Акалатовіча

25.06.2026 10:53
У Беларусі на дзяржаўкцыён выставілі яшчэ некалькі арыштаваных ікон, дзе даўжніком пазначаны Акалатовіч Генадзь Уладзіслававіч.
Аўдыё

Гаворка ідзе пра маёмасць каталіцкага святара Генрыха Акалатовіча, у якога ўлады працягваюць распрадаваць маёмасць для пагашэння «нібыта даўгоў» пасля ягонага вызвалення і вымушанага выезду з Беларусі, паведамляе Хрысціянская візія.

Сярод новых лотаў — ікона «Вялікапакутніца Параскева Пятніца» XIX — пачатку ХХ стагоддзя з Гомельска-Чарнігаўскага рэгіёна. Пачатковы кошт — 700 BYN. У апісанні пазначана, што гэта помнік народнай мастацкай культуры і аб'ект культурнай спадчыны.

Таксама выстаўлены абраз «Маці Божай Трох Радасцей» канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя з пачатковым коштам 500 BYN. Ён таксама аднесены да народнай іканапіснай традыцыі Гомельска-Чарнігаўскага рэгіёна і мае гістарычнае значэнне.

Акрамя таго, паўторна выстаўлены абраз «Паўстанне Хрыста ад гроба» другой паловы — канца XVIII стагоддзя. Раней яго пачатковая цана складала 4000 BYN, цяпер лот выстаўлены ўжо за 3200 BYN. У картцы гаворыцца, што гэта еўрапейскі варыянт сюжэту «Уваскрэсенне Хрыста», верагодна створаны для святочнага рада іканастаса, і што ікона мае гістарычнае і мастацкае значэнне.

Раней у ксяндза Акалатовіча ўжо арыштавалі і выстаўлялі на продаж аўтамабіль, зямельны ўчастак і старажытныя іконы.

Хрысціянская візія/ав