Пасля падзей 2020 года і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларускія вайскоўцы трапілі пад хвалю палітычна матываванага крымінальнага пераследу. Многія з іх падвяргаліся катаванням, жорсткаму абыходжанню і збіванням, а частку ўказамі Лукашэнкі вайскоўцаў пазбаўлялі званняў.
Паводле звестак «Вясны», за гэты час не менш як 68 вайскоўцаў сталі фігурантамі крымінальных спраў, 27 з іх цяпер утрымліваюцца ў месцах зняволення. Па інфармацыі праваабаронцаў, пераслед вайскоўцаў працягваецца дагэтуль.
24 чалавекі адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, двое знаходзяцца на «хіміі», яшчэ адзін чалавек утрымліваецца пад вартай і чакае суда. Прынамсі дзесяць вайскоўцаў былі асуджаныя паводле арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве).
Найбольшы вядомы тэрмін, прызначаны судом вайскоўцу, складае 21 год пазбаўлення волі. Праваабаронцам таксама вядома пра выпадкі катаванняў, жорсткага абыходжання і збівання затрыманых вайскоўцаў. Апроч гэтага, у зняволенні на іх аказваецца ціск рознымі спосабамі, у тым ліку праз сваякоў.
Крыніца: ПЦ «Вясна»/юл