Амаль чвэрць беларускіх кампаній працуе са стратамі. Як паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на дадзеныя Белстата, у студзені—красавіку 2026 года стратнымі былі 24,9% прадпрыемстваў — гэта найгоршы паказчык як мінімум за апошнія сем гадоў.
Для параўнання, за аналагічны перыяд мінулага года доля стратных арганізацый складала 20%. Найбольш складаная сітуацыя склалася ў Мінску, дзе са стратамі працуе амаль 30% кампаній. Найменшая доля такіх прадпрыемстваў — у Віцебскай вобласці.
Раней прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын заяўляў, што вынікі працы эканомікі дазваляюць казаць пра «асцярожны аптымізм». Пры гэтым функцыянер рэжыму прызнаў, што шэраг прамысловых прадпрыемстваў сутыкаецца з сур’ёзнымі праблемамі. Прадстаўнікі бізнесу, у сваю чаргу, неаднаразова звярталі ўвагу на адміністрацыйнае рэгуляванне цэн, празмерную справаздачнасць і іншыя фактары, якія ўскладняюць працу кампаній.
эж