У эксклюзіўным інтэрв'ю тэлеканалу ТСН Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі расказаў пра цяперашнюю сітуацыю на фронце, стратэгію «актыўнай абароны», пераразанне лагістыкі праціўніка і ізаляцыю Крыма. Сярод іншага ён коратка выказаўся і пра пытанне рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі.
— Учора ў Беларусі зноў фіксавалі працу аднаго з рэтранслятараў, іх не дэмантавалі. Больш яны іх уключаць не будуць. […] Усвядомяць, што так не трэба рабіць, — заявіў Аляксандр Сырскі.
Што пад гэтым маецца на ўвазе, ён удакладніць адмовіўся.
19 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем дэмантаваць рэтранслятары, якія Расія выкарыстоўвае для навядзення дронаў. Зяленскі заявіў, што выканаць гэтае патрабаванне трэба на працягу тыдня. Ён таксама папярэдзіў, што калі Беларусь гэтага не зробіць, Украіна ліквідуе рэтранслятары самастойна.
24 чэрвеня Зяленскі заявіў, што рэтранслятары больш не працуюць.
Наша Ніва/ав