Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што выбух беспілотніка каля беларускага аўтобуса ў Бранскай вобласці Расіі быў «чыстай выпадковасцю», а транспарт не быў мэтай атакі. Паводле яго, дрон выпадкова ўпаў паміж дзвюма трасамі, калі аўтобус рухаўся па гэтым участку. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».
Функцыянер рэжыму Лукашэнкі таксама заклікаў беларусаў адмовіцца ад паездак у Расію, асабліва ў памежныя рэгіёны. Паводле яго, у гэтых абласцях амаль штодня адбываюцца інцыдэнты з беспілотнікамі, таму гарантаваць бяспеку падарожнікаў немагчыма.
Раней шэраг беларускіх дзяржаўных СМІ абвінавацілі ва ўдары Украіну. У сваю чаргу Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Украіны назваў гісторыю з беларускім аўтобусам «свядомай правакацыяй Расіі», скіраванай на ўцягванне Беларусі ў вайну, і заявіў, што ўкраінскія сілы наносяць удары толькі па законных ваенных цэлях.
эж