У рамках збораў плануецца ажыццявіць «прыём ваеннаабавязаных і іх усебаковае забеспячэнне, аднаўленне навыкаў каманднага складу ў кіраванні падначаленымі, падрыхтоўку ваеннаабавязаных да выканання задач у адпаведнасці са службовым прызначэннем, адпрацоўку пытанняў фармавання, падрыхтоўку і выкарыстання атрадаў народнага апалчэння».
Заяўлена, што асноўная ўвага будзе нададзеная «адпрацоўцы задач тэрытарыяльнай абароны ў ходзе рэалізацыі захадаў ваеннага становішча з адпрацоўкай пытанняў абароны асабовага складу і абʼектаў ад беспілотных лятучых апаратаў».
Варта адзначыць, што абодва згаданыя раёны мяжуюць з Валынскай вобласцю Украіны. Акрамя таго, ад заходняй ускраіны Маларыцкага раёну да мяжы з Польшчай — каля 10 кіламетраў, Драгічынскага раёну — каля 75 км.
Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны (напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі). На гэтым фоне ў краіне практычна безупынна праводзяцца вайсковыя вучэнні. Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка ўсё часцей заяўляе, што Беларусь «рыхтуецца да вайны».
У той жа час Кіеў у апошні час заняў больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Мінска. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі публічна запатрабаваў ад беларускіх уладаў неадкладна спыніць любую падтрымку Расіі.
6 ліпеня генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ на прэс-канферэнцыі напярэдадні саміту арганізацыі заклікаў «не мець ілюзіяў адносна ролі, якую адыгрывае Беларусь».
— Я маю на ўвазе, што яна знаходзіцца пад вялікім уплывам Расіі, Масквы. Таму, на мой погляд, тое, што адбываецца ў Мінску, ў значнай ступені прадыктавана, калі можна так сказаць, Пуціным, — сказаў ён.
Крыніца: Позірк/юл