Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларускія арганізацыі абмеркавалі з МЗС Аўстрыі падтрымку беларусаў

15.07.2026 13:49
Гэта была першая сустрэча з новым кіраўніком дэпартамента. 
                       ,
Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі і прадстаўнікі беларускіх арганізацый сустрэліся з дырэктарам дэпартамента Міністэрства замежных справаў Аўстрыі па справах Усходняй Еўропы Томасам Мюльманам,крыніца: tsikhanouskaya.org

Беларускія арганізацыі абмеркавалі з МЗС Аўстрыі падтрымку палітвязняў, грамадзянскай супольнасці і вырашэнне праблемаў дыяспары.

Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі і прадстаўнікі беларускіх арганізацый сустрэліся з дырэктарам дэпартамента Міністэрства замежных справаў Аўстрыі па справах Усходняй Еўропы Томасам Мюльманам, паведамляецца на сайце Офіса Святланы Ціханоўскай.

У сустрэчы ўдзельнічалі:

— Беларускі Хельсінскі Камітэт;
— Праваабарончы цэнтр «Вясна»;
— Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства;
— Беларуская Рада культуры.

Гэта была першая сустрэча з новым кіраўніком дэпартамента. Удзельнікі пазнаёмілі яго з актуальнай сітуацыяй у Беларусі, распавялі пра працу беларускіх арганізацый і абмеркавалі, як працягваць супрацоўніцтва пасля папярэдніх візітаў Святланы Ціханоўскай у Аўстрыю.

Сярод асноўных тэмаў сустрэчы:

— становішча палітычных зняволеных і працяг рэпрэсій у Беларусі;
— транснацыянальныя рэпрэсіі і пераслед беларусаў за межамі краіны;
— падтрымка грамадзянскай супольнасці і культурных ініцыятываў;
— праблемы беларусаў у Аўстрыі з легалізацыяй, пратэрмінаванымі пашпартамі і атрыманнем праязных дакументаў;
— супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з Украінай.

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый распавялі пра колькасць палітычных зняволеных, сітуацыю ўнутры краіны і пераслед беларусаў за яе межамі. Яны падкрэслілі, што вызваленне асобных людзей не вырашае праблемы цалкам: неабходныя сістэмныя змены, спыненне рэпрэсій і дапамога ўсім, хто прайшоў праз турмы і пераслед.

Ад Праваабарончага цэнтра «Вясна» ў сустрэчы ўдзельнічаў былы палітвязень Уладзімір Лабковіч. Ён распавёў пра ўласны досвед зняволення і пра тое, з чым сутыкнуўся пасля вызвалення. Пераслед супраць яго працягваецца, у тым ліку – узбуджаюцца новыя крымінальныя справы.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці расказалі, як беларускія арганізацыі працягваюць працаваць ва ўмовах рэпрэсій і выгнання, падтрымліваюць сувязь з людзьмі ўнутры краіны і якія формы дапамогі ім патрэбныя. Таксама гаварылі пра магчымасці супрацоўніцтва з аўстрыйскімі партнёрамі.

Беларуская Рада культуры прадставіла актуальную сітуацыю ў культурнай сферы і распавяла пра беларускіх творцаў у еўрапейскім кантэксце.

Дзяніс Кучынскі падзякаваў Аўстрыі за далучэнне да Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі палітычным зняволеным і ўнёсак у памеры 20 тысяч еўра:

«Для нас было важна наладзіць кантакт з новым кіраўніком дэпартамента і працягнуць працу па дамоўленасцях, дасягнутых падчас папярэдніх візітаў Святланы Ціханоўскай у Аўстрыю. Мы ўдзячныя Аўстрыі за падтрымку беларускіх палітвязняў, пацярпелых ад рэпрэсій і агульнай еўрапейскай палітыкі ціску на рэжым.

Асобна мы гаварылі пра беларусаў, якія жывуць у Аўстрыі. Пратэрмінаваныя пашпарты, атрыманне праязных дакументаў і іншыя праблемы з легалізацыяй для многіх людзей сталі вельмі складанымі пытаннямі. Мы разумеем, што простых рашэнняў тут няма, але важна іх шукаць і заставацца ў пастаянным кантакце з беларускай дыяспарай.

У Аўстрыі таксама жывуць і працуюць беларускія дзеячы культуры і прадстаўнікі іншых прафесій, якія пакуль не могуць вярнуцца дадому. Важна дапамагаць ім працягваць працу і захоўваць сувязь з Беларуссю».

Бакі дамовіліся перавесці абмеркаваныя ініцыятывы ў практычную плоскасць і працягнуць каардынацыю на працоўным узроўні.

яс