Літоўскія памежнікі выявілі на мяжы з Беларуссю яшчэ адзін недабудаваны падземны тунэль, які, паводле іх версіі, прызначаўся для незаконнага перамяшчэння мігрантаў у Еўрасаюз.
Яго знайшлі каля вёскі Пяртакас з дапамогай сістэмы, якая фіксуе вібрацыі грунту. Пра знаходку паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Паводле літоўскага ведамства, калі на месца прыбылі памежнікі, каля дваццаці чалавек у цывільным адзенні ўцяклі на тэрыторыю Беларусі. Недабудаваны тунэль даўжынёй каля 11 метраў знаходзіўся за 9,5 метра ад агароджы і павінен быў праходзіць пад патрульнай дарогай углыб літоўскай тэрыторыі.
Пасля следчых дзеянняў ход засыпалі зямлёй, а па факце незаконнага перасячэння мяжы распачалі дасудовае расследаванне.
эж