Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі яшчэ 13 чалавек палітычнымі зняволенымі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай 31 ліпеня.
Паводле праваабаронцаў, людзі былі асуджаныя за мірную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, удзел у пратэстах, а таксама за абвінавачанні ў абразе прадстаўнікоў улады, Аляксандра Лукашэнкі або ў сувязях з так званымі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
Статус палітвязняў атрымалі Аксана Вальвачова, Юрый Дашкевіч, Генадзь Карнеевец, Дзмітрый Мязяк, Кірыл Слівец, Іван Літвін, Алесь Масюк, Павел Севасцьян, Віктар Марчык, Віталіна Міхаленя, Андрэй Печань, Андрэй Гарбанаў і Вадзім Багданаў.
Праваабаронцы адзначаюць, што крымінальны пераслед гэтых асоб мае палітычна матываваны характар і звязаны з мірным ажыццяўленнем права на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду асацыяцый і сходаў.
У заяве таксама крытыкуецца практыка прызнання ўладамі «экстрэмісцкімі» грамадскіх ініцыятыў, незалежных медыя і груп грамадзян. На думку аўтараў заявы, гэта выкарыстоўваецца як падстава для крымінальнага пераследу і абмежавання асноўных правоў і свабод.
Праваабарончыя арганізацыі патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць усіх 13 новых палітвязняў, дэкрыміналізаваць артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, службовых асоб і прэзідэнта, а таксама спыніць палітычна матываваны пераслед грамадзян.
Заяву падпісалі Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, «Прававая ініцыятыва», Lawtrend, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава і Беларускі ПЭН.
нг