Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Лукашэнка павіншаваў адну з «недружалюбных» еўрапейскіх краін з нацыянальным святам, але ў сваёй манеры

01.08.2026 08:52
Ён заявіў, што «палітыка штучнага абмежавання кантактаў паміж людзьмі і дзяржавамі не мае перспектывы».
Ілюстрацыяфота: Pixabay.com/GDJ

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Швейцарскай Канфедэрацыі з нацыянальным святам — Днём заснавання Канфедэрацыі. Пра гэта паведаміла яго прэс-служба. Швейцарыя ўваходзіць у спіс краін, якія афіцыйны Мінск лічыць «недружалюбнымі».

У віншаванні адзначаецца, што беларусаў і швейцарцаў аб’ядноўваюць талерантнасць і імкненне вырашаць усе пытанні мірным шляхам. Паводле Лукашэнкі, гэта стварае ўмовы для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва на аснове ўзаемнага даверу і павагі. Ён таксама заявіў, што «палітыка штучнага абмежавання кантактаў паміж людзьмі і дзяржавамі не мае перспектывы».

Лукашэнка выказаў упэўненасць, што сумеснымі намаганнямі краіны могуць зрабіць унёсак ва ўмацаванне міру і пабудову «больш справядлівага сусветнага парадку», а таксама пажадаў шматнацыянальнаму народу Швейцарыі згоды, дабрабыту і шчаслівага жыцця.

Як адзначае выданне «Зеркало», апошнія некалькі гадоў Лукашэнка адрасуе віншаванні не кіраўнікам, а менавіта «народу» тых дзяржаў, якія беларускія ўлады лічаць «недружалюбнымі». Да такіх краін адносіцца і Швейцарыя, якая падтрымала санкцыі супраць Беларусі і Расіі. У 2024 годзе швейцарскія ўлады стварылі спецыяльную групу для выяўлення выпадкаў абыходу санкцый.

нг