Як стала вядома «Хрысціянскай візіі», чарговыя 11 святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі будуць вымушаныя з'ехаць з Беларусі, бо не атрымалі ўзгаднення апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў на працяг рэлігійнай дзейнасці, а некаторыя атрымалі такі дазвол на мінімальны тэрмін.
Паводле інфармацыі «ХВ», у сувязі з гэтым мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі накіраваў просьбу да Аляксандра Лукашэнкі аб падаўжэнні дазволу на служэнне гэтых святароў у Беларусі.
Іх прозвішчы пакуль не называюцца.
Падчас урачыстай святой Імшы ў свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, 15 жніўня, у катэдральным касцёле ў Магілёве развіталіся з польскім святаром Раманам Шульцам, які з 2007 года цэлебраваў у Беларусі. Гэты манах з ордэна дамініканаў таксама не атрымаў дазволу на далейшую рэлігійную дзейнасць у Беларусі і павінен пакінуць краіну ў бліжэйшыя дні.
Амаль 15 гадоў ён быў адміністратарам парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве, праводзіў штогадовы Ружанцовы кангрэс, быў ініцыятарам іншых мерапрыемстваў, аўтарам публіцыстычных матэрыялаў у каталіцкай прэсе Беларусі.
У святой Імшы, падчас якой развітваліся са святаром, удзельнічалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыо Чэфалія, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Напярэдадні яны ладзілі сустрэчу з уладамі Магілёва. Як паведамілі дзяржаўныя рэсурсы, падчас круглага стала іерархі абмеркавалі вынікі дзейнасці Рымска-каталіцкай царквы ў Магілёўскай вобласці, «ініцыятывы на ўмацаванні міру і згоды, міжканфесіянальнага дыялогу, захаванне гістарычнай памяці».
Хрысціянскай візіі/ав
https://t.me/byplradio/26086