Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Аляксандра Мілінкевіча пахаваюць у Варшаве. У суботу — развітанне

19.08.2026 11:20
Жонка памерлага, Іна Кулей, запрасіла на развітанне і пахаванне ўсіх, хто хацеў бы ўшанаваць памяць Аляксандра Мілінкевіча.
Аляксандр МілінкевічФота www.flickr.com

Развітанне з Аляксандрам Мілінкевічам пройдзе ў суботу, 22 жніўня, у Варшаве, паведаміла яго жонка Іна Кулей у сваім акаўнце ў «Фэйсбуку».

Развітанне пачнецца а 10:00 гадзіне ў Архікатэдры святога Яна Хрысціцеля (ul. Świętojańska 8). А 12:00 гадзіне там жа адбудзецца Святая Імша.

А 15:00 гадзіне пачнецца цырымонія пахавання на Вайсковых могілках Павонзкі (ul. Powązkowska 43/45).

Іна Кулей запрасіла на развітанне і пахаванне ўсіх, хто хацеў бы ўшанаваць памяць Аляксандра Мілінкевіча.

Аляксандр Мілінкевіч — вядомы беларускі палітык, грамадскі дзеяч, навуковец. Нарадзіўся ў ліпені 1947 года ў Гродне. З 1990 па 1996 год быў віцэ-мэрам горада на Нёмане. У 2006 годзе — кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі. Пасля 2020 года — у вымушанай эміграцыі. У канцы мінулага года ў Варшаве яму зрабілі складаную аперацыю, ад наступстваў якой Мілінкевіч так і не змог паправіцца. Памёр 11 жніўня 2026 года.

вс