Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Магілёўскі журналіст-палітвязень выйшаў з калоніі і адразу быў шпіталізаваны з сур'ёзнай язвай на назе

23.08.2026 18:16
Верагодна, праблемы са здароўем у Глушкова пачаліся за кратамі і нядаўна абвастрыліся, бо перад выхадам на волю ён таксама знаходзіўся ў шпіталі.
         .
Яўген Глушкоў з язвай на назе пасля выхаду з калоніі. Крыніца: «Белсат»/сацыяльныя сеткі

На волю выйшаў магілёўскі палітвязень, відэааператар і журналіст Яўген Глушкоў. Аднак мужчыну шпіталізавалі з сурʼёзнай хваробай, паведамляе «Белсат».

57-гадовы Яўген Глушкоў, відэааператар з Магілёва, 22 жніўня выйшаў на свабоду пасля 2,5 гадоў зняволення па «палітычным» прысудзе.

Паводле СМІ, мужчыну адразу шпіталізавалі з сурʼёзным захворваннем – трафічнай язвай нагі. Яна ўтвараецца з-за дрэннага кровазвароту ці зажыўленне тканак, можа быць звязана з захворваннямі вен, артэрыяў, цукровым дыябетам і праяўляецца як адкрытая рана, якая доўга не загойваецца. Калі не лячыць язву належным чынам, могуць узнікнуць сурʼёзныя ўскладненні, у тым ліку гангрэна, развіццё абсцэсаў, чалавек нават можа страціць працаздольнасць.

Верагодна, праблемы са здароўем у Глушкова пачаліся за кратамі і нядаўна абвастрыліся, бо перад выхадам на волю ён таксама знаходзіўся ў шпіталі.

Яўгена Глушкова затрымалі ў студзені 2024 года – сілавікі штурмам адкрылі дзверы магілёўца і выцягнулі на вуліцу ў тым, у чым ён знаходзіўся дома. Мужчыну абвінавацілі ў стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» або ўдзеле ў ім, судзілі таксама па артыкуле аб «удзеле ва ўзброеным фармаванні або канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважання дзяржавы».

Суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі прысудзіў Глушкову тры гады калоніі і штраф у 200 базавых велічыняў. Разам з ім па тых жа артыкулах судзілі яшчэ аднаго магілёўскага журналіста – Аляксандра Сабалеўскага, якому па выніку далі чатыры гады пазбаўлення свабоды.