Ён быў сярод тых святароў з Польшчы, якія не атрымалі ад дзяржаўных уладаў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі, паведамляе Katolik.life
Аднак падчас сёлетняга фэсту ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, які прайшоў 21-22 жніўня, пілігрымаў зноў сустракаў шматгадовы кусташ гэтага каталіцкага санктуарыя ксёндз Станіслаў Мжыглуд.
Раённая газета апублікавала здымак са святаром і біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, і прадставіла ксяндза Станіслава менавіта кусташам.
Нагадаем, у траўні стала вядома, што пробашч у Браславе і яшчэ двое святароў дыяцэзіі, усе — грамадзяне Польшчы, не атрымалі ад дзяржаўных уладаў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі.
Затым вернікі даведаліся, што двое з гэтых святароў выехалі з краіны, а ксёндз Станіслаў, на просьбу біскупа, атрымаў новы дазвол на тры месяцы. Яго тэрмін заканчваўся 15 жніўня.
Аднак і пасля гэтай даты браслаўскі кусташ змог застацца, што пацвярджае інфармацыя афіцыйнай прэсы. Наколькі вядома, яму выдалі чарговае падаўжэнне дазволу на рэлігійную дзейнасць, а святар падрыхтаваў дакументы для атрымання беларускага грамадзянства.
Таксама вернікам вядома, што не ўсе святары Гродзенскай і Мінска-Магілёўскай дыяцэзій, якія таксама не атрымалі дазвол на далейшае служэнне, пакінулі Беларусь. Некаторыя працягваюць заставацца ў краіне і чакаюць перагляду рашэння на вышэйшым ўзроўні пасля просьбы, скіраванай Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім.
яс