Палітвязень Максім Урбановіч выйшаў на волю, паведамілі крыніцы «Белсату».
Ягоны брат бароніць Украіну з пачатку поўнамаштабнай вайны.
Максіма Урбановіча затрымалі 2 красавіка 2025 года пасля ператрусу ў кватэры, якую ён арандаваў у Мінску.
27 чэрвеня 2025 года суд Заводскага раёну Мінску пакараў яго зняволеннем на паўтара года з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму нібыта за арганізацыю або ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак.
Максім адмовіўся ад адваката і самастойна абараняў сябе на працэсе. Паведамлялася, што ён пастанавіў не абскарджваць прысуд. Імаверна, ён адбыў увесь тэрмін пакарання.
Падчас следства Максіма абследавалі медыкі і выявілі ў ягонай крыві рэчывы, якія даюць падставы меркаваць, што хлопец хварэе на алкагалізм. У выніку яму прызначылі «прымусовае лячэнне» ў закрытай клініцы ў 107-м аддзяленні.
Максім Урбановіч у мінулым быў актывістам «Маладога фронту». Ягоны брат Дзяніс Урбановіч быў лідарам «Маладога фронту». У самым пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Дзяніс з некалькімі паплечнікамі запісаўся ў тэрытарыяльную абарону, дагэтуль бароніць Украіну ў Беларускім добраахвотніцкім корпусе, нягледзячы на шматлікія раненні.
Ці было затрыманне Максіма помстаю за дзейнасць Дзяніса, невядома. Сам Дзяніс Урбановіч пасля затрымання брата заяўляў, што даўно не мае з ім стасункаў і як мінімум два гады з ім не размаўляў.
яс