Лідарка дэмакратычных сіл заклікала памятаць, наколькі крохкай можа быць незалежнасць, і падкрэсліла: сёння захаванне сваёй краіны — агульны інтарэс беларусаў з рознымі поглядамі, як унутры краіны, так і за яе межамі.
— Мне здаецца, незалежнасць — гэта тое, што сёння можа яднаць усіх беларусаў. Тых, хто быў на вуліцах у 2020-м. І тых, хто не выходзіў. Тых, хто жыве ў Беларусі. І тых, хто быў вымушаны з’ехаць. Людзей розных палітычных поглядаў, нават тых, хто сёння знаходзіцца па розныя бакі барыкадаў.
Таксама з заявай да 35-годдзя надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР статусу канстытуцыйнага закона выступіла Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, назваўшы 25 жніўня 1991 года «Днём аднаўлення незалежнасці Беларусі» ды заклікала беларусаў захоўваць адзінства дзеля будучыні краіны.
«Беларускі народ вярнуў сабе тое, за што змагаўся пакаленнямі, незалежнасць», – гаворыцца ў дакуменце.
Рада БНР адзначыла, што прыняцце рашэння стала магчымым дзякуючы намаганням дэпутацкай апазіцыі БНФ, тысяч актывістаў і беларускіх патрыётаў, якія «усведамлялі неабходнасць скарыстаць гістарычны шанец».
Паводле заявы, пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, які названы «стаўленікам Масквы», Беларусь больш за тры дзесяцігоддзі губляе суверэнітэт у палітычнай, эканамічнай і вайсковай сферах. Рада БНР таксама згадала пра знішчэнне нацыянальнай культуры, беларускай мовы, кнігадруку і гістарычнай памяці.
25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона. 19 верасня таго ж года БССР атрымала назву Рэспубліка Беларусь.
юл