Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Датычны да дыверсіі ў Лейпцыгу грамадзянін Беларусі заехаў у ЕС па візе, атрыманай у Мінску — СМІ

03.09.2026 08:30
Абодва падазраваных паспелі пакінуць ЕС, і следчыя скептычна ацэньваюць шанцы прыцягнуць іх да суду.
Аэрапорт у ЛейпцыгуAutorstwa Oryginalnym przesyłającym był Timuema z niemieckiej Wikipedii - Na Commons przeniesiono z de.wikipedia przez Lumu., CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=6939508

Нямецкія следчыя ўстанавілі асобы двух падазраваных у планаваным нападзе на ўкраінскі транспартны самалёт у аэрапорце Лейпцыга (Германія), сярод іх — жыхар Беларусі, паведамляе «Позірк» са спасылкай на нямецкія СМІ (Süddeutsche Zeitung, NDR і WDR).

Паводле іх, падазраваныя гэта: ураджэнец Расіі з латвійскім пашпартам, які можа быць звязаны са спецслужбамі РФ, і «жыхар Беларусі з расійскім пашпартам, які ўжо трапляў у поле зроку паліцыі» ў розных краінах за ўчыненне іншых правапарушэнняў.

Следчым удалося аднавіць маршрут яго ўезду ў Германію і выезду з яе. Верагодна, падазраваны заехаў па італьянскай турыстычнай візе, выдадзенай у Мінску.

Жыхар Беларусі з расійскім пашпартам, імаверна, быў выканаўцам тэракту. На яго выйшлі па слядах ДНК, пакінутых на дроне, антэне і ўнутраным боку бляшанага слоіка з-пад выбухоўкі. Расіянін выступаў каардынатарам.

Абодва падазраваных паспелі пакінуць ЕС, і следчыя скептычна ацэньваюць шанцы прыцягнуць іх да суду.

Нагадваем, у ноч на 5 жніўня ў закрытай зоне аэрапорта Лейпцыга быў знойдзены БПЛА з зарадам выбухоўкі. Ён знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці ад украінскіх грузавых самалётаў Ан-124 «Руслан», якія выкарыстоўваюцца для транспарціроўкі зброі і боепрыпасаў для патрэбаў Сіл абароны Украіны.

Пазней высветлілася, што дронаў было мінімум тры. Адзін з іх сутыкнуўся з грузавым самалётам кампаніі DHL, а фрагменты трэцяга з 50 грамамі гексагена быў знойдзеныя 14 жніўня на полі непадалёк.

Германія, рэагуючы на інцыдэнт, абвясціла аб закрыцці апошняга генеральнага консульства РФ у Боне, а таксама аб скасаванні дамовы і закрыцці «Рускага дома» ў Берліне.

Масква традыцыйна катэгарычна абвяргае ўсе абвінавачанні.

аз