Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Зняволены беларускі журналіст Андрэй Аляксандраў стаў лаўрэатам прэміі Free Media Awards

04.09.2026 15:06
Аляксандрава затрымалі 12 студзеня 2021 года, за кратамі ён больш за 5 гадоў.
 ,  .
Андрэй Аляксандраў, архіўнае фота.Фота: Сяргей Балай / Свабода

Беларускі журналіст і медыяменэджар Андрэй Аляксандраў, які застаецца ў зняволенні ў Беларусі, стаў адным з лаўрэатаў прэміі Free Media Awards 2026. Узнагарода прысуджаная яму «за мужнасць і прыхільнасць справе абароны свабоды прэсы і свабоды слова ва ўмовах усё больш рэпрэсіўнага рэжыму»:

«Дзякуючы сваёй працы ў незалежным беларускім інфармацыйным агенцтве „БелаПАН“ і Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) ён спрыяў умацаванню прафесійных стандартаў журналістыкі, падтрымцы незалежных СМІ і стварэнню міжнародных сетак журналістаў і праваабаронцаў. Андрэй Аляксандраў быў арыштаваны за сваю дзейнасць у 2021 годзе. У 2022 годзе яго пакаралі на 14 гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаваных абвінавачваннях. Ён прызнаны палітычным зняволеным», — гаворыцца на сайце Fritt Ord.

У ліку іншых лаўрэатаў гэтага года журналіст сайта «Українська правда» Міхаіл Ткач, грузінскае выданне iFact, армянскі Factor TV і расійскае выданне «Верстка».

Цырымонія ўручэння прэміі Free Media Awards адбудзецца ў Музеі Мунка ў Осла 29 верасня 2026 года.

Прэмію прысуджаюць нарвежскі The Fritt Ord Foundation і нямецкі ZEIT-Stiftung Bucerius. Яна ўручаецца незалежным СМІ і журналістам Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Андрэй Аляксандраў працаваў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Яго затрымалі 12 студзеня 2021 года, за кратамі ён больш за 5 гадоў.

Яго асудзілі на 14 гадоў зняволення, абвінаваціўшы паводле 4 артыкулаў Крымінальнага кодэксу ўключна з ч. 1 арт. 356 («здрада дзяржаве») і ч. 1 арт. 361-1 («удзел у экстрэмісцкім фармаванні»).

У верасні 2022 года ў мінскім СІЗА на вуліцы Валадарскага Андрэй Аляксандраў ажаніўся з Ірынай Злобінай, таксама палітзняволенай. Яны раней жылі разам і разам былі затрыманыя. Ірыну Злобіну асудзілі на 9 гадоў зняволення, яна адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі.

З канца студзеня 2023 года журналіст адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі № 1.

Крыніца: Радыё Свабода