Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Дыверсія ў аэрапорце Лейпцыга: як адаб'ецца на Беларусі эскалацыя паміж РФ і ЕС?

05.09.2026 08:19
Грамадзяне Беларусі могуць сутыкнуцца з дадатковымі цяжкасцямі пры атрыманні шэнгенскіх віз, лічыць аналітык.
.
Ілюстрацыя. Фота: trade.gov.pl

У спробе дыверсіі ў аэрапорце Лейпцыга 4 жніўня падазраюць грамадзяніна Латвіі расійскага паходжання, а таксама выхадца з Беларусі з расійскім пашпартам і крымінальным мінулым. Візу яму выдала пасольства Італіі ў Мінску.

Пры гэтым, улады Беларусі імкнуцца стварыць уражанне, што эскалацыя ў адносінах паміж Расіяй і ЕС і, у прыватнасці, канфлікт паміж Берлінам і Масквой, не датычацца Беларусі і не закранаюць яе інтарэсаў, піша гісторык, доктар навук Аляксандр Фрыдман у сваёй калонцы для Deutsche Welle (DW). Але ці гэта так?

Рыхтуецца 22-і пакет санкцый. У сувязі са спробай дыверсіі ў Лейпцыгу ды іншымі гібрыднымі атакамі, гэты пакет, верагодна, будзе больш жорсткім і закране ў тым ліку інтарэсы Беларусі, лічыць Фрыдман.

"Любыя надзеі на паляпшэнне беларуска-еўрапейскіх адносін на фоне цяперашняй эскалацыі хутчэй ілюзорныя", - піша гісторык.

У сувязі з гэтым грамадзяне Беларусі могуць сутыкнуцца з дадатковымі цяжкасцямі пры атрыманні шэнгенскіх віз, лічыць аналітык.

"З павышанай асцярожнасцю, верагодна, будуць разглядацца пытанні працаўладкавання грамадзян Беларусі ў ЕС, а таксама прашэнні беларусаў, якія звяртаюцца па прытулак або іншыя формы абароны", - мяркуе калумніст DW.

Нагадаем, у ноч з 4 на 5 жніўня каля аэрапорта Лейпцыг на ўсходзе Германіі транспартны самалёт сутыкнуўся з неўстаноўленым аб'ектам. Самалёт быў перанакіраваны ў Гановер, дзе былі выяўлены нязначныя пашкоджанні. Крыху раней аэрапорт Лейпцыга прыпыніў працу ў сувязі з выяўленнем на ўзлётнай пляцоўцы побач з украінскім транспартным самалётам "Антонаў" беспілотніка з дэтанатарам і выбухоўкай.

нг