Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы прызнаў 22 беларусаў, якія працавалі ў IT-кампаніі, «пагрозаю нацыянальнай бяспецы». Іх дэпартавалі з забаронаю на ўезд у Шэнгенскую зону на 5 гадоў.
Дазволы на часовае пражыванне гэтых асобаў у Літве былі скасаваныя, паведаміла Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачанне (LRT), на што звярнуў увагу Белсат.
Гэтыя беларусы працавалі ў кампаніі, якая была партнёрам Агенцтва касмічнай праграмы Еўрасаюза (EUSPA) і, як сцвярджалі літоўскія праваахоўнікі, махлярскім шляхам атрымала амаль 500 тысяч еўра.
Паводле следства, гэтая фірма хавала сувязі з беларускай і расійскай вайсковай прамысловасцю. У справе – два фігуранты, гэта таксама беларусы, бацька і сын. Яны прызналі віну і скампенсавалі шкоду. Паводле неафіцыйных звестак медыяў, ідзецца пра кампанію NTLab.
Улады Літвы часта анулююць дазволы на жыхарства беларусаў праз частыя паездкі на радзіму, праз службу ў войску, працу ў сілавых або дзяржаўных структурах.
Лік беларусаў, якія жывуць у Літве, пастаянна скарачаецца. У студзені 2024 года, паводле міграцыйнай службы, дазвол на жыхарства ў Літве мелі 62 167 грамадзян Беларусі, у жніўні 2026-га – 48 283.
яс